12 сакавіка 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Вольгі Рыгораўны Мацукевіч (1949), бібліятэкара, краязнаўца, першага дырэктара Мотальскага музея народнай творчасці (1988–2012)
Вольга Рыгораўна Мацукевіч (Рацык) нарадзілася 13 сакавіка 1949 г. у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе бацька, Рыгор Антонавіч Рацык, франтавік, удзельнічаў у абароне Ленінграда, Сталінградскай бітве, дайшоў да Берліна, узнагароджаны медалямі, пасля вайны ўзначальваў рыбалавецкую арцель, у 1949 г. стаяў ля вытокаў стварэння калгаса. Маці, Марыя Мацвееўна Рацык, у 1942 г. з сям’ёй была вывезена ў Германію на прымусовыя працы, вярнулася дадому пасля вызвалення, працавала ў калгасе.
21 мая 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Мартыненкі (1939), дзеяча культуры, музыканта, дырыжора
Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка нарадзіўся 21 мая 1939 г. у Мінску. З дзяцінства захапляўся музыкай, у музычнай школе не вучыўся, але актыўна займаўся ў мастацкай самадзейнасці. У 10-м класе быў адным з арганізатараў вучнёўскага аркестра і абраны яго кіраўніком. Пасля школы паступаў у лётнае вучылішча, але няўдала, пайшоў працаваць. Праз год паступіў у Мінскае музычнае вучылішча.